Глушэц – сімвал арыстакратычных паляванняў

Глушэц – сімвал арыстакратычных паляванняў.

У перадрэвалюцыйнай беларускай літаратуры паляванне на глушца, як занятак панскі, нікчэмны, было аб’ектам асмяяння. Сродкам выкрыцця сацыяльнай няроўнасці і нацыянальнага прыгнёту. У апавяданні Францішка Умястоўскага “Не мужыцкі розум“ (1908) стралец Юзік, які абавязаны правесці ганарыстага пана Шміда да глушца, у выніку дасціпна правучвае таго. Прымусіўшы добра вываляцца ў брудзе “дзеля маскіроўкі”. Помсцячы за ранейшую пагардлівую заўвагу, што ў хітрай птушкі, маўляў, “не мужыцкі розум“. А ў байцы Янкі Купалы “ Два мужыкі і глушэц” (1909) выведзеныя 2 недалёкія фанабэрыстыя паны, Ежы і Іван. Якія з розных бакоў падкрадаюцца да глушца, спрачаючыся за права яго падстрэліць. Меркаваны трафей, аднак, улятае і пакідае іх абодвух ні з чым. Няцяжка зразумець, што пад глушцом разумеецца Беларусь. А пад панамі – польская і руская цывілізацыі, якія спрачаюцца за кантроль над ёй.

У дарэвалюцыйныя, а ў Заходняй Беларусі, – і ў міжваенныя гады, першае паляванне на глушца для маладых шляхцічаў было чымсьці накшталт абавязковага рытуалу ініцыяцыі. Без якога немагчыма было годна ўступіць ва ўзрост паўналецця. Свае юнацкія ўражанні ад першых дарослых мужчынскіх сустрэч з глушцом маляўніча апісалі Чэслаў Мілаш, Міхал Паўлікоўскі, Мельхіор Ваньковіч. Да глушца трэба было абавязкова «скакаць». Робячы напрыканцы кожнага чарговага «куплету» ягонай песні толькі некалькі крокаў услед за егерам. Каб ізноў замерці непрыкметна-нерухома да канца чарговага куплету, калі глушэц не будзе чуць нават сам сябе.

На шляхецкіх сталах глушэц прысутнічаў найперш пад час велікодных сняданкаў. Бо ў гэтую пару году звычай забараняў паляванне на любую іншую птушку. Як, напрыклад, успамінае Марыя Чапская ў вяжомай кнізе “Еўропа ў сям’і”. “Свячонае (сняданне на Вялікдзень) у Прылуках было багатае, як і ў любым польскім доме. Сярод бабаў, бліноў, тортаў, мазуркаў, рознай смажаніны, вяндлінаў і каўбас, вядома ж, пачэснае месца займалі смажаныя парасяты. А часам і глушэц, прыгожы сваёй барадатай галавой, веерам хваста і шырока разведзенымі крыламі. У нашых лясах не было глушцоў. Велікодныя глушцы паходзілі альбо з Прусінава, альбо з лесу нашага пазнейшага швагра, Лявона Любінскага ў Магілёўскай губерні“.

У міжваенныя гады асабліва славіліся як месца палявання на глушца уладанні князя Караля Мікалая Радзівіла пад Столінам. У 1931 г. у апошняга ардыната давыд-гарадзецкага, чый тутэйшы маёнтак складаў ажно 150 тысяч гектараў, гасціў сам прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі. На памяць пра паляўнічую імпрэзу прэзідэнт падарыў князю срэбную пазалочаную фігурку Глушца. Гэтая скульптура вышынёй  16,5 cм, з вачыма з чырвоных камянёў, была зробленая ў канцы XIX ст. у Вене. Надпіс на памятнай таблічцы абвяшчае: Давыд-Гарадок, 20 лютага 1931 г. Зараз яе кошт ацэньваецца прыкладна ў 13 000 – 15 000 злотых. А тое паляванне, на якім апроч прэзідэнта Масціцкага, прысутнічалі і іншыя вышэйшыя чыноўнікі і культурная эліта, трэба лічыць знакавым. Князю Каралю Мікалаю ставяць у заслугу захаванне папуляцыі лася ў Беларусі, Польшчы і Украіне. А ягоную жонку Ізабэлу – лічаць стваральніцай асобнай пароды сабак, польскага паляўнічага спаніэля.

Гэта урывак з будучага нарысу Алеся Белага пра глушца, выхад якога плануецца ў 2020 г. у адным з беларускіх выданняў. Нарэшце запускаю блог на сайце сваёй сядзібы. Спадзяюся рэгулярна публікаваць тут розныя абразкі – кароткія пераказы або анонсы сваіх былых і будучых публікацый. Прысвечаных у асноўным гісторыі гастранаміі, палявання, рыбалоўства і культурным вобразам раслінаў і жывёлаў у нашай гісторыі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *